kgb_bye (kgb_bye) wrote,
kgb_bye
kgb_bye

4 октября

студзеня 2005 года ўступае ў сілу Федэральны закон “Аб унясенні зменаў у артыкул 112 Працоўнага кодэксу Расійскай Федэрацыі”, дзе дзень 4 лістапада абвяшчаецца “Днём народного единства”. Якім быў гэта дзень з погляду беларускай гісторыі, прапануе прасачыць прафесар А.Грыцкевіч.
www.zbsb.org

Погляд у гісторыю.
У Расійскай Федэрацыі галоўным дзяржаўным святам з’яўляецца Дзень незалежнасці (12 чэрвеня) – дзень прыняцця 1-ым з’ездам дэпутатаў РСФСР Дэкларацыі аб незалежнасці (1990 г.), якой абвяшчаўся дзяржаўны суверэнітэт Расіі. А 7 лістапада стала адзначацца як дзень прымірэння і згоды. Лічылася, што такім чынам можна прымірыць народ Расіі, і згодных з камуністычным рэжымам, і яго праціўнікаў. Зразумела, што назва аказалася штучнай.

Руская праваслаўная царква і Міжрэлігійны Савет Расіі выступілі з ініцыятывай замяніць свята 7 лістапада на іншы дзень, блізкі па часе. Патрыярх Алексій II прапанаваў дзень 4 лістапада, дзень заканчэння Смуты ў Расійскім царстве ў пачатку ХVII ст., матывуючы тым, што якраз у гэты дзень Масква была вызвалена апалчэннем К.Мініна і Дз.Пажарскага ад “польска-літоўскіх інтэрвентаў”. Прапанавана гэты дзень абвясціць у Расіі Днём адзінства народа.

Аднак Смута ў Расіі не скончылася ні ў 1612 г., ні ў 1613 г. з абраннем царом Міхаіла Раманава, родапачынальніка царскай дынастыі Раманавых. Барацьба як унутры Расіі, так і з фармальна абвешчаным у Маскве ў 1610 г. царом, каралевічам Уладзіславам Сігізмундавічам (як яго называлі ў Расіі), які потым у 1632-1648 гг. быў каралём польскім і вялікім князем Літоўскім і за якога ў 1613-1618 гг. выступала нямала рускіх баяраў, дваран, гараджан, казакоў і сялян, працягвалася ажно да 1618 г., калі ўрэшце было заключана Дэулінскае перамір’е.
Да таго і дата 4 лістапада не супадае з датай поўнага вызвалення Масквы. Дарэчы, правільна было б назваць вызваленне Масквы ад польска-беларускіх акупантаў, бо шляхта з Беларусі складала значную частку гарнізона Масквы. У інтэрвенцыі ў Расію ўдзельнічала і 12 рот выбранецкай пяхоты Вялікага Княства Літоўскага, з іх – 10 з беларускіх паветаў.

Сярод камандавання гарнізона Масквы былі беларускія шляхціцы. Адным палком войска Вялікага Княства Літоўскага камандаваў палкоўнік Язэп Будзіла, харунжы Мазырскі (ганаровы тытул павятовай шляхты), другім палком – палкоўнік Эразм Стравінскі (са шляхты Менскага і Мсціслаўскага ваяводстваў). Камандзірам гарнізона быў палкоўнік Мікалай Струсь, падольскі шляхціц з Украіны. Яму падпарадкоўваліся польскія жаўнеры.

Маскву ад акупантаў вызвалялі ратныя людзі (вайскоўцы-дваране і апалчэнцы) апалчэння К.Мініна і князя Дз.Пажарскага, да якіх далучыліся казакі пад кіраўніцтвам князя Дз.Трубяцкога. Масква была імі вызвалена ў жніўні 1612 г., за выключэннем цэнтральнай часткі горада: умацаваных крэпасцей Кітай-горада і Крамля. Апалчэнне ўзяло штурмам Кітай-горад 22 кастрычніка 1612 г. Акупацыйнае войска адступіла ў Крэмль, дзе гарнізон (каля 1,5 тысяч чалавек) трымаўся яшчэ некалькі дзён, нягледзячы на страшэнны голад.

Згаладалы гарнізон згадзіўся на капітуляцыю з умовай захаваць жыццё палонным. Спачатку выпусцілі з Крмаля рускіх баяраў, што супрацоўнічалі з акупантамі. На наступны дзень, 28 кастрычніка 1612 г. капітуляваў гарнізон Крамля. Я.Будзіла выйшаў са сваім палком праз Траецкую браму да войска Дз.Пажарскага, а М.Струсь з іншымі жаўнерамі – праз некалькі брам на Красную плошчу – да казакоў Дз.Трубяцкога. Жаўнеры Я.Будзілы засталіся цэлымі, а на Краснай плошчы жаўнераў, пасля таго, як тыя склалі зброю, абрабавалі і шмат каго забілі. Сведка гэтых падзеяў запісаў: “По взятии же царствующего града Москвы многих литовских людей посекоша, а больших панов по темницам засадиша”.

Дзень 4 лістапада як дзень народнага адзінства не адпавядае гістарычным фактам і падзеям. Пасля ўзяцця Масквы Ніжагародскім апалчэннем К.Мініна і Дз.Пажарскага, Смута ў Расіі працягвалася. Яшчэ дзейнічалі казацкія атрады, што былі прыхільнікамі царыцы Марыны (Мнішак) і яе маленькага сына Івана, сына Ілжэдзімітрыя II (беларускага паходжання, са Шклова). Яны не прызналі выбар цара Міхаіла Раманава. У 1614 г. Марына Мнішак з сынам былі схоплены. трох гадовы хлопчык быў павешаны, а Марына памерла ў турме. Як адзначае расійскі гісторык С.М.Салаўёў: “Нагаі спусташалі ўскраіны, пераправіліся праз Аку, паваявалі каломенскія, серпухоўскія, бароўскія месты і прыходзілі нават у Дамадзедаўскую падмаскоўную воласць. Ратныя людзі рабавалі на дарогах, не атрымліваючы жалавання.”

У 1617-1618 гг. каралевіч Уладзіслаў з войскамі пайшоў здабываць сваё Маскоўскае царства, то да яго далучыліся некаторыя ваяводы, дваране, гараджане і сяляне. (У Маскве пасля яе вызвалення ў 1612 г. зноў узяла “сямібаяршчына”, якая ў свой час, у 1610 г. пасля звяржэння цара Васіля Шуйскага капітулявала перад польска-беларускім войскам.) “Сямібаяршчына” прыняла прысягу на вернасць новаму цару, 15-гадоваму каралевічу Уладзіславу Сігізмундавічу (як яго называлі ў Маскве), сыну караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Вазы. Разам з “сямібаяршчынай” прысягу на вернасць цару Уладзіславу тады далі масквічы і жыхары іншых гарадоў Расіі. Каралевічу была адаслана крыжацалавальная грамата аб яго выбранні з подпісамі баяраў, дваран і прадстаўнікоў гараджан.

У склад новага ўрада Расіі пасля абрання ў лютым 1613 г. на Земскім саборы новага цара, 16-гадовага Міхаіла Фёдаравіча Раманава, акрамя “сямібаяршчыны”, увайшлі і прадстаўнікі тушынскага лагера, што рашуча падтрымлівалі Ілжэдзімітрыя II, а пасля яго смерці – Уладзіслава і акупантаў.
А бацька Міхаіла Раманава, насільна пастрыжаны ў манахі па загаду Барыса Гадунова, “тушынскі” патрыярх Філарэт (пры Ілжэдзімітрыі II) раней агітаваў за кандыдатуру каралевіча Уладзіслава. Філарэт нават узначаліў пасольства да караля Жыгімонта пад Смаленск (які прымаў у аблозе кароль), каб кароль даў згоду адпусціць на царства свайго сына. Там ён быў затрыманы і адпраўлены як закладнік у Варшаву. Пасля падпісання Дэулінскага перамір’я ў снежні 1618 г. патрыярх Філарэт вярнуўся ў Маскву і стаў фактычна кіраваць Расіяй.
Такім чынам, прапанаваная ў Расіі дата новага свята ў лістападзе, вызвалення Масквы ад польска-беларускіх акупантаў, не стасуецца ні з народным адзінствам, ні з датамі гістарычных падзеяў, а стасуецца з царкоўным святам Рускай праваслаўнай царквы. На гэтае несупадзенне, дарэчы, указваюць і некаторыя расійскія палітыкі і вучоныя.

Што да Беларусі, то мы па-ранейшаму святкуем расійскае бальшавіцкае свята, якое не мела непасрэднага дачынення да гісторыі Беларусі, нашага нацыянальна-вызвольнага руху, адраджэння нашай дзяржавы. Праўда, наступствы прыходу да ўлады бальшавікоў мелі згубныя вынікі для нашай краіны, была страчана наша незалежнасць, абвешчаная Радаю БНР 25 сакавіка 1918 года. З-за далучэння тэрыторыі Беларусі да савецкай Расіі бальшавіцкае свята 7 лістапада (яшчэ і са сталінскай назвай) стала дзяржаўным у БССР як складовай частцы СССР, а ў канцы ХХ ст. зноў і ў Рэспубліцы Беларусь.

Анатоль Грыцкевіч,
прафесар, доктар гістарычных навук
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic
    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 0 comments